ПАКРОЎСКIЯ ЧЫТАННI ПРАЙШЛI Ў ГДУ

XV Пакроўскія адукацыйныя чытанні прайшлi на Гомельшчыне 14-16 лiстапада. Яны адметныя шэрагам культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, якія штогод арганізуе Гомельская епархія Беларускай праваслаўнай царквы сумесна з Гомельскім аблвыканкамам.

Сёлета на базе ГДУ імя Ф. Скарыны адбылiся адразу дзве падзеі – адкрыта фотавыстава ўдзельнікаў клуба “Свет душы” і рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Праваслаўе ў грамадскім жыцці: традыцыі і сучаснасць”. Канферэнцыя арганiзавана Гомельскай епархiяй i гiстарычным факультэтам ГДУ. Мерапрыемствы аб’яднаны тэмай свабоды і адказнасці ў асяроддзі моладзі. Здымкi, якія прэзентавалі аўтары экспазіцыі, - адлюстроўваюць рэальнасць паўсядзённага жыцця, тыя яго праявы, ад якіх у душы ўзнікае цеплата і пяшчота. Гэта і таінствы царкоўных абрадаў, і гармонія з навакольным светам, і адносіны паміж людзьмі.

Па словах кіраўніка фотаклуба Ганны Смірновай, убачыць і адлюстраваць такія моманты здольны добры і адкрыты чалавек: - У кожным здымку адчуваецца асоба аўтара. Ён разумее сэнс агульначалавечых каштоўнасцей, імкнецца і сам стаць лепшым, і зрабіць больш шчаслівым сваё асяроддзе. Свабода робіць нас творцамі, адказнымі за свае тварэнні.
Вялікую ролю духоўнасці ў жыцці чалавека падкрэсліла і рэспубліканская канферэнцыя, прысвечаная традыцыям праваслаўя. Пра адвечныя пытанні свабоды і адказнасці разважалі не толькі прадстаўнікі канфесійнай сферы, але і навукоўцы, культуролагі, выкладчыкі, студэнты – усе тыя, хто зацікаўлены праблемамі духоўна-маральнай асветы.
Тэматыка сустрэчы ахапіла розныя напрамкі: ад сур’ёзных гістарычных даследаванняў да філасофскіх разваг пра сэнс існавання. Характэрныя рысы праваслаўя на беларускай зямлі, спецыфіка сучаснай царкоўнай палітыкі, значэнне хрысціянскіх каштоўнасцей у адукацыі і захаванні культурнай спадчыны – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі даследчыкі падчас пленарнага і секцыйных пасяджэнняў.
Асаблівасцю форума стала правядзенне круглага стала “Моладзь: свабода і адказнасць”. Сёлетняя тэма Пакроўскіх чытанняў, на думку арганізатараў, адна з самых важных і актуальных. - Свабода і адказнасць – гэта два непарыўных паняцці, - адзначыў падчас сустрэчы Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. – Свабода спараджае адказнасць, а адказнасць накіроўвае свабоду па пэўнаму шляху. Ад правільнасці выбару залежыць маральны росквіт асобы, будучыня ўсяго чалавецтва.
Навуковая канферэнцыя завяршылася дыскусіямі ў тэматычных секцыях.

Больш фота - тут